Адэльчыны гісторыі

Гісторыя першая

Адэля рвецца да славы

Я асабіста знаёмая з авечкай Адэляй. Уявіце сабе, нядаўна прыбягае яна да мяне: выгляд няшчасны, куточкі рота апушчаныя.

— Што здарылася? — спалохалася я.

— Спадарыня Наталля! Ну чаму лёс такі несправядлівы да мяне?! — з роспаччу пачала Адэля.— Пра каго толькі ні пішуць кніжкі! Вы вунь нядаўна нават пра машынку* не паленаваліся напісаць… (* Адэля мела на ўвазе маю кніжку «Прыгоды маленькай Машынкі»)  А чым жа я горшая? Мяркуйце самі — і вочкі ў мяне разумныя, і ўсмешка лагодная, воўначка такая ўжо шаўкавістая! А што да яе колеру — дык у мяне найлепшы! Я не проста бландынка, — мая воўначка аддае блакітам! — Адэля схапіла са стала шклянку вады і нагбом выпіла.– Да таго ж я асоба вельмі выхаваная і дасціпная, гламурная, з тонкім пачуццём гумару. Чытаць пра мяне было б адно задавальненне!

— І чаго ты ад мяне хочаш? — запытала я.

— Ах, ну гэта ж відавочна! Вы пісьменніца. Напішыце пра мяне цудоўную кнігу! Раскажыце пра мае прыгоды, вандроўкі, захапленні і спадзяванні, апішыце, якая я прыгожая і разумная… — Адэля ад замілавання сабой ажно вочкі закаціла.

— Чакай-чакай! Пра якія вандроўкі і прыгоды? Я ж ведаю, што ты ў жыцці ніводнай вандроўкі не здзейсніла. А што да прыгод, дык сама на мінулым тыдні абуралася, маўляў, жыццё ў цябе шэрае і нецікавае.

— Не, спадарыня Наталля! Вы памыляецеся! Я сама памылялася! Паверце, кожны мой дзень напоўнены незвычайнымі здарэннямі і ўражаннямі!

— Напрыклад? — Пакуль што мяне гэта размова забаўляла.

 

— Напрыклад,— Адэля ад хвалявання ўскочыла на канапу, нават не выцершы капытцаў аб дыванок, што ляжаў побач,— напрыклад, учора я спляла сабе цудоўны вяночак з дзьмухаўцоў і сфатаграфавалася ў ім. Фота выйшла такім прыгожым, што яго размясцілі ў вітрыне фотаатэлье. А заўчора зрабіла самалёцік з паперы і цалюткі дзень лятала на ім пад аблокамі…

— Гэта добра, — адказала я, — але сюжэта пра фотаздымак і самалёцік замала нават для маленькага апавядання, а ты цэлую кніжку хочаш. Да таго ж чытачам больш цікава даведацца пра якія надзвычайныя здарэнні.

— Дык што ж рабіць? Няўжо праз тое, што я ніколі не трапляю ў неверагодныя прыгоды, мне давядзецца ўсё жыццё гібець у невядомасці?

— Што ж... І праўда. Але можна, калі ўжо табе гэтак хочацца, стаць знакамітай іншым спосабам. Паехаць у якую экспедыцыю, арганізаваць свята, намаляваць карціну, выправіцца ў вандроўку вакол свету…

— Ах, спадарыня Наталля! Я вам шчыра абяцаю ўсё гэта зрабіць! Але ж я хачу, каб увесь свет даведаўся пра маё хараство, розум і дасціпнасць, а вы прапаноўваеце не зусім тое, што мне трэба.

— Ды зразумей жа, Адэля! Для напісання кнігі патрэбная цікавая тэма, ідэя, сюжэт.— Мне ўжо не цярпелася скончыць гэтую гутарку і зноў сесці за працу.

— Дык гэта ўсё ў вас павінна быць — вы ж пішаце. А мая задача — быць галоўнай гераіняй кнігі. Я ведаю, як мы зробім! Я буду адвячоркам забягаць да вас і расказваць, што здарылася са мной, а вы будзеце занатоўваць. І выйдзе кніга! Ну, калі ласка! Калі ласка! — Адэля ўмольна склала капыткі.