Пытаннi

Прывітанне, мой дружа! Кажуць, што дзеці вельмі цікаўныя і задаюць дарослым шмат пытанняў. І самі разумнеюць з кожным днём. Можа, ты мне дапаможаш і адкажаш на некаторыя мае пытанні? Дасылай свае адказы на маю электронную скрыню! Абяцаю, што самыя цікавыя будуць змешчаныя на сайце, а іх аўтары абавязкова атрымаюць прызы!

ПЫТАННI АД АДЭЛI:

1.Чаму ў электронным адрасе пішыцца “Адэля-зорка-сабака” (adeljastar@tut.by)?  Я ж Адэля-авечка!

2.Чым лячыць авечы стрэс?

АДКАЗЫ НА ПЫТАННI

Сакавік 2011 Дзяніс Буторын, вучань 3 “А” класа СШ № 189 г. Мінска
Я яшчэ мала знаёмы з Адэляй, але мне цікава фантазіраваць пра яе жыццё, звычкі, сяброў. Мне чамусьці думаецца, што ў Адэлі ёсць добры сябар сабачка-паштальён. Ён уважліва сочыць, каб усе лісты і паштоўкі, адрасаваныя Адэлі, абавязкова трапілі да яе і сам перадае лісты сваёй сяброўцы.  А яшчэ ён надзейна ахоўвае паштовую скрыню Адэлі, калі яе гаспадыні няма дома. Адэля ва ўсім давярае надзейнаму сябру-паштальёну, таму нават у яе электронным адрасе намаляваны сабачка.

Адэля:
Можа, сапраўды маю карэспандэнцыю атрымлівае
сабачка-паштальён?.. Відаць, ён не такі добры, як ты лічыш. Таму што
затрымлівае мае лісты. Калі ты з ім знаёмы, перадай, калі ласка, што я
вельмі незадаволеная. Мог бы і хутчэй паварочвацца!

 

Сакавік 2011г. Алег Бучынскі, вучань 5 “В” класа СШ № 189 г. Мінска
 (10г.):

Прывітанне, дарагая Адэля. Хачу адказаць на тваё пытанне: таму што знак авечкі ўжо не ўмодзе, а сабакі - гэта гламур. Да пабачэння.

Адэлін каментар:
Прывітанне, Алежка!
Я вельмі абураная! Няўжо сапраўды гэтыя
брахлівыя стварэнні - сабакі - зараз у большым фаворы чым мы,
далікатныя авечачкі? Нездарма, заўважаю, на модных тусоўках "зоркі" з
сабачкамі пад пашкай шпацыруюць. Ты павінен
паабяцаць, што дапаможаш мне вярнуць славу гламурных і знакамітых
прадстаўнікам майго роду. Як? Можаш заахвоціць сваіх сяброў чытаць пра
мяне! Трэба ж неяк змагацца з несправядлівасцю!
ГЛАМУРНАЯ І СЛАЎНАЯ АВЕЧКА АДЭЛЯ

Алег:
Прывітанне, Адэля. Я і сам люблю авечак больш, чым сабак. Да пабачэння.

 

Люты 2015г. Дамінік Лісічонак 2-я гімназія 9г. (Барысаў)

1 Прывітанне, Адэля. Я ведаю, наколькі непрыемны табе той факт, што знак @ называюць сабакам. Калі б мая скрыня называлася “Дамінік сабака”, я б таксама задумаўся. Але не трэба перажываць. У розных народаў гэты значок называюць па-рознаму. Напрыклад, французы лічаць, што ён падобны на смоўжыка, жыхары Галандыі бачаць у ім малпачку з хвосцікам. Што тычыцца мяне, то я буду бачыць у ім прыгожую авечачку, якая толькі што выйшла з цырульні. Хаця, што гэта я. Ты ж не любіш цырульні. З нагоды таго, што сабакам знак называюць па-руску, я прапаноўваю па-беларуску называць яго авечкай. Ты заслужыла такі падарунак у свой год “блакітнай драўлянай авечкі”.

2 Адказ на пытанне, што трэба зрабіць, каб пазбавіць цябе ад стрэсу. Што трэба рабіць кожны дзень, не буду раіць. Пагадзіся, гэта сумна, калі кожны дзень распланаваны. Ёсць іншая прапанова. Стрыгчыся на ферме такім выбітным асобам ніяк не выпадае. Замест гэтага ты магла бы схадзіць у салон прыгажосці з абавязковым наведваннем планетарыя, дзе ўсе астатнія маглі бы не назіраць за нейкімі там далёкімі зоркамі, а захапляцца тваёй прыгажосцю. Так ты не толькі свой настрой палепшыш, але і астатніх выратуеш ад стрэсу.