Вершы

Вельмі люблю вершы, прысвечаныя асабіста мне! Ці не асабіста мне, а авечкам наогул. Вось, напрыклад, цудоўныя вершы пра авечку, барана, казу і казла напісаў Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін. Яны надрукаваныя ў кніжцы “Сябрына”. Абавязкова пацікаўся!

Рыгор Барадулін

Авечка

Я – ціхая авечка,

З мяне кажух і свечка.

Я мекаю ды бекаю,

Пакуль не раскумекаю,

Што лепей быць авечкаю,

Чым кажухом і свечкаю…

А вось вершык, які мне прысвяціў Алег Бучынскі. Гэта цяпер ён ужо дарослы хлопчык, а тады быў меншы.

Жыла была авечка.      

Яе звалі Адэля.

Прыгожая, пухнатая. 

Разумная, гламурная!

 

Па-праўдзе, я нават замаўляла ў Алега цэлую паэму пра сябе, але ён, на жаль, не згадзіўся пісаць паэму. Шкада-а-аа!

 

Затое вось які вершык прыдумала пра мяне Марына Весялуха, літаратурны крытык, перакладчыца.

Панна модная, супермадэлька

Дзелавая авечка Адэлька,

У “Бярозцы” расла

І з Наталляй яна

Стала модная, быццам з “Кардэну”!

 

(Справа ў тым, што ўпершыню гісторыі пра мяне друкаваліся ў часопісе “Бярозка” на працягу 2011г., ну, а спадарыня Наталля – мая аўтарка. )

Калі ў цябе, мой дружа, атрымаецца скласці верш пра мяне, авечку Адэльку, – дасылай іх на маю электронную скрыню! adeljastar@tut.by