Разумныя думкi

Хм! Разумныя думкі – гэта вельмі карысная рубрыка. Усе знакамітыя асобы раз-пораз выказваюць неверагодна разумныя думкі. А тыя, хто іх пачуў, пасля ўсё жыццё іх цытуюць. І да месца, і не да месца. У маёй галаве таксама поўна разумных думак. Але я пакуль не вырашыла, якімі з іх варта з табою падзяліцца. Думаю!..

Парады ад Адэлькi

Прыдумала! Я магу даваць парады. Усім. І дарослым, і дзецям. І тым, каму яны патрэбныя, і тым, каму не вельмі. Некаторыя радуюцца. Іншыя крыўдзяцца. А я лічу, што добрая парада нікому не зашкодзіць.

УСІМ

Калі ідзеш лячыць зубы, памятай, што, седзячы ў крэсле зубнога ўрача ні ў якім разе нельга заплюшчваць вочы! Заўсёды лепш бачыць, чым цябе збіраюцца катаваць. Можа, урач якраз трымае ў руках не страшны свярдзёлак, а бяскрыўдны ватны тампончык. І табе зусім не будзе балюча.  Так што і крычаць няма чаго. Можна для прыліку паморшчыцца. Ну, а калі сапраўды свярдзёлак убачыў – крычы, што ёсць моцы. Можа, урач спужаецца і ўцячэ, затое твой балючы зуб застанецца пры табе.

Дзяўчынкам

Не забывай рэгулярна прымерыць маміны туфлі на высокіх абцасах. І нават пабегаць у іх па пакоі. Нават калі абцас зламаецца – не бяда! Ад гэтага двайная карысць: ты будзеш пэўная, што праз колькі год зможаш удзельнічаць у неверагодным конкурсе, які называецца “Забег на абцасах”. А маме давядзецца купіць сабе новыя туфлікі (а яна вельмі любіць гэта рабіць).

 Хлопчыкам

Ніколі не трэба спрачацца з мамай, калі яна цябе ўгаворвае: “З’еш яшчэ лыжачку кашы.”   З’еш, не крыўдзі маму. Нічога, што пасля трэснеш! Дарэчы, гэту разумную параду даў свайму меншаму браціку Алежку  вельмі сур’ёзны  хлопчык Дзімка. І што ты думаеш: маму рассмяшыў і яна перастала чапляцца з кашай да Алежкі.

Мамам

Калі вы вельмі любіце нараніцу есці не манную кашу і не аўсянку, а шакаладную пасту з печывам, не хавайцеся ад сваіх дзетак, а прапануйце ім таксама атрымаць асалоду ад вашага любімага сняданка. Памятайце: добры густ трэба выхоўваць з самага дзяцінства!

Татам

Вельмі карысна дарыць сыночкам машынкі ці верталёцікі на пульце кіравання. Пакуль ваш дзіцёнак займаецца на чарговай секцыі ці ў гуртку, цацка прастойвае. А ў вас якраз вольных паўгадзінкі! Во ўжо нагуляецеся! Толькі не зламайце цацку, інакш адчувальны наезд з боку дзіцёнка і мамы вам гарантаваны. І яшчэ больш адчувальныя выдаткі – каб адкупіць зламаную цацку і загладзіць сваю правіну.